СКАЧКІ́ Ў ВАДУ́,

спаборніцтвы сярод мужчын і жанчын па скачках з вышкі і трампліна ў ваду. Складаюцца з серый абавязковых і адвольных скачкоў з трампліна (выш. 1 і 3 м) і вышкі (5, 7,5 і 10 м). Існуюць 6 афіц. катэгорый скачкоў: з пярэдняй стойкі ўперад і назад, з задняй стойкі ўперад і назад, з вінтамі і са стойкі на руках (толькі з вышак). Скачкі ацэньваюцца па 10-бальнай шкале.

Як від спорту ўзніклі ў сярэдзіне 19 ст. ў Германіі. У праграме Алімп. гульняў з 1904 (мужчыны) і 1912 (жанчыны). 1-ы чэмпіянат Еўропы праведзены ў 1926, 1-ы чэмпіянат свету — у 1973. Найб. пашыраны ў Германіі, ЗША, Італіі, Кітаі, Мексіцы, Расіі, Францыі, Швецыі і інш.

На Беларусі першыя афіц. спаборніцтвы праведзены ў 1935. Зборная каманда Беларусі — бронз. прызёр чэмпіянату СССР (1977); мужчынская зборная — сярэбраны прызёр Кубка Еўропы (1995). Сярод бел. спартсменаў найб. вызначыліся У.​Алейнік, А.​Партноў, С.​Аляксеева — бронз. прызёр чэмпіянатаў Еўропы (1989, 1995); А.​Касянкоў — бронз. прызёр XXI Алімп. гульняў (1976) і чэмпіянату Еўропы (1977); М.​Міхайлін — сярэбраны прызёр чэмпіянату свету (1975); А.​Семянюк — чэмпіён Еўропы (1991).

А.​М.​Петрыкаў.

т. 14, с. 451

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)